30
Авг

Выйшаў №6 альманаху сучаснае беларускае культуры pARTisan

Рубрика: Выставки

partyzan-6nr.jpg

Тэма нумару: [вёска]. Вёска – адзін з базавых беларускіх мітаў, які суправаджае нязьменны нэгатыўны фон: ад лапцей ды “гнілой хаткі” да інструмэнта савецкай прапаганды (“мы з вас, беларусаў, індустрыяльную краіну зрабілі”) ды Менску як галоўнага аграгарадку. Вёска -“беларускі сусьвет” (Сяргей Харэўскі) і “дакучлівы кашмар беларускага праекту” (Ігар Бабкоў).

Ці ёсьць беларусы “вясковай” нацыяй? Што робяць вяскоўцы ў горадзе – і з горадам? Чым уразіўся Зьміцер Вайцюшкевіч, упершыню трапіўшы “ў горад”? Беларуская літаратура – вясковая ці гарадзкая? – пытаньні, на якія можна знайсьці адказы на старонках новага нумару часопісу pARTisan.

Раскрыцьцё тэмы адбываецца рознымі сродкамі: праз культуралягічную дыскусію, мастацтвазнаўчыя разборы, эсэістыку, расповеды з сэрыі “выпрабавана на сабе” ды інтымныя прызнаньні рок-зорак.

Акрамя гэтага ў нумары: новыя зьвесткі пра Радзіму ад Алеся Давыдчыка, падарожжы беларускага кіно па могілках у пяці эпізодах (рэжысэр – Андрэй Кудзіненка), кім ёсьць Tsesler без Voichenko, polski pARTisan пра жанчын, калготкі і гвазьдзікі, Марыя Мартысевіч і яе “Палеская хроніка” ды інш.

Сярод аўтараў шостага нумару – філёзафы Валянцін Акудовіч і Ігар Бабкоў, этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі ды Тацяна Бэмбель, культуроляг Максім Жбанкоў, літаратар Адам Глёбус, паэт Андрэй Хадановіч, “фрашкіст” і журналіст Севярын Квяткоўскі ды інш.

Артур Клінаў, галоўны рэдактар часопіса pARTisan: “Адной з канцэптуальных задачаў pARTisan’а ёсьць спроба разабрацца з усімі беларускімі балючымі кропкамі, тэмамі і комплексамі. Натуральна, вёска – адна з такіх “вечных” тэмаў беларускай мэнтальнасьці, культуры і гісторыі. Нумар за нумарам мы намагаемся паступова намацваць праблемы, прэпараваць іх і прэзэнтаваць вынікі грамадзтву на старонках нашага часопісу”.

Даведка: [чым ёсьць pARTisan]. Часопіс pARTisan займае адметнае месца у беларускай мэдыя- і культурнай прасторы. pARTisan – удалая спроба трансфармаваць у пераканальны брэнд адвечную схільнасьць беларусаў гуляць з жыцьцём у хованкі (па Валянціну Акудовічу).

Першапачаткова праект pARTisan быў спробай публічнай прэзэнтацыі актуальнага мастацтва Беларусі за межамі краіны. Пазьней пераўтварыўся ў альманах сучаснае беларускае культуры. На сёньняшні дзень акрамя мастацкага вэктару, pARTisan мае і інтэлектуальны, займаючыся адбудоўваньнем істотных да зразуменьня наяўнай сытуацыі канцэптаў. Інтэлектуальная плынь “мысьленьня пра Беларусь” сустракаеца на старонках pARTisan’у з неканвэнцыйнымі мастацкімі тэкстамі.

Аўтар і кіраўнік праекту, галоўны рэдактар часопісу – актуальны мастак і культур-мэнэджэр Артур Клінаў. На дадзены момант выйшла 6 нумароў pARTisan’у (№1’2002,№№2-3’2004, №4’2006, №№5-6’2007)

кантакт
arturklinov@yahoo.de, +37529 653 48 38
[Артур Клінаў, галоўны рэдактар]

alja.sidarovicz@gmail.com, +37529 619 80 53
[Аля Сідаровіч, адказны сакратар]

Оставьте комментарий

Вы должны войти в систему для комментирования.

Copyright @ Urban.by